БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ў Берліне. Створана ў канцы 1939 пры мін-ве ўнутраных спраў Германіі. Займалася выяўленнем асоб бел. нацыянальнасці ў Германіі і на захопленых ёй тэрыторыях. У розны час кіраўнікамі былі Ф.Акінчыц, А.Шкуцька і інш. У 1940 пры Беларускім прадстаўніцтве быў створаны Бел. к-т самапомачы з філіяламі ў Варшаве, Празе, Вене, Лодзі, Мюнхене і інш. гарадах. Беларускае прадстаўніцтва і Бел. к-т самапомачы супрацоўнічалі з герм. разведслужбамі і службай бяспекі (СД), вялі работу з ваеннапалоннымі беларусамі з Войска Польскага. Напярэдадні Вял. Айч. вайны дзейнасць Беларускага прадстаўніцтва і Бел. к-та самапомачы выкарыстоўвалася ў разведвальных і прапагандысцкіх мэтах, арганізацыі дыверсійных груп, падрыхтоўцы кадраў цывільнай адміністрацыі для Беларусі. У чэрв. 1941 у Берліне на радзе прадстаўнікоў Беларускага прадстаўніцтва і Бел. к-та самапомачы ўтвораны Беларускі нацыянальны цэнтр. Беларускае прадстаўніцтва выдавала газ. «Раніца».

А.М.Літвін.

т. 2, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)